У гаду ёсць некалькі памінальных дзён -- калі мы ўшаноўваем сваіх бацькоў і радню ў царкве, яны называюцца агульным словам “дзяды”. А сярод “дзядоў” -- “Дзяды” восеньскія, прызнаныя як агульны нацыянальны памінальны дзень.
З усіх памінальных дзён у “Радаўніцы” асаблівае месца. Памінанне на РАДАЎНІЦУ звычай найбольш распаўсюджаны ў Беларусі -- наша гістарычная адметнасць, ён прыпадае на дзевяты дзень пасля Вялікадня (Уваскрасення Хрыстова): у гэты дзень людзі наведваюць магілы памерлых – каб пасядзець-памаліцца каля апошняга прытулку родных, успомніць іх менавіта там, прыбраць магілы, пасадзіць-пасеяць кветкі.
На Радаўніцу я паехала на бацькаўшчну, у Аршанскі раён.
Мой бацька Васіль Палікарпавіч пражыў трагічнае, але цікавае жыццё, бо вельмі любіў жыццё ў шырокім сэнсе – сям’ю, людзей, нашу навакольную прыроду і прыроду ўвогуле, мог доўга і цікава апавядаць пра дрэвы, кусты, кветкі і іншыя расліны, ведаў іх карысныя і лекавыя якасці. Асабліва любіў садовыя дрэвы і расліны: у нашым саду іх было мноства.
У Першую Сусветную вайну быў на фронце. (Нарадзіўся ў 1890 годзе.) Там пазнаёміўся з цікавымі людзьмі рознага сацыяльнага і адукацыйнага ўзроўню, з афіцэрамі. Афіцэры царскай арміі былі людзьмі адукаванымі і разумнымі: яны навучылі салдата, сялянскага сына, чытаць кнігі і разбірацца ў тым, што адбываецца ў краіне і свеце. З таго часу ён усё жыццё чытаў кнігі – вучыўся. Каб чытаць кнігі павольна і ўдумліва, ён купляў асабліва важныя на яго погляд кнігі: у нас былі такія кнігі, якіх не было нават у раённай бібліятэцы. Некаторыя захаваліся у віхуры падзей і ліхалецця – сёння ў нашай бібліятэцы на ўзроўні памятных, як сямейныя рэліквіі.
Бацька вярнуўся з вайны ў 1917 годзе амаль бальшавіком, але разважлівым, разумным, таму на вайну “за власть советов” не пайшоў: ён разумеў, што гэтая вайна будзе грамадзянскай – унутры не толькі краіны, але і сям’і-роду.
Пасля рэвалюцыі бальшавікі раздзялілі панскую зямлю па справядлівасці – падушна. Але потым раздзяліць зямлю ў сям’і аказалася не так проста.
Бацька атрымаў прафесію садавода-агародніка на курсах у Горацкай акадэміі, таму лічыўся граматным, адукаваным.
Як прайшоўшага праз фронт і бальшавіцкую апрацоўку, яго выбралі старшынёй “зямельнага аддзела” раёна. Але працаваў ён там не доўга – адпрасіўся з пасады, бо вельмі шчыра адносіўся да людзей, шкадаваў іх. Расказваў вось пра які выпадак.
Нейкі селянін прыйшоў у “зямельны аддзел” і запытаў у начальніка, майго бацькі, чаго хоча ад яго ягоны сын, які падаў заяву ў суд? Даведаўшыся ад начальніка аддзела пра патрабаванне сына, гэты селянін-бацька сказаў:
“Аддайце яму ўсё, чаго ён хоча, бо я ў суд не прыйду: мне сорамна судзіцца з сынам. Калі б ён сказаў мне дома, чаго хоча ад мяне, я зрабіў бы гэта сам…”
Вось якія былі спрэчкі ў сем’ях. У іншых выпадках было горш: кожны член сям’і хацеў выгады для сябе. І прыходзілася вырашаць...
Бальшавікі не толькі раздзялілі панскую зямлю паміж сялянамі, але і выдзелілі лес на будаўніцтва хаты сем’ям, у якіх была старая хата.
Бацька быў палымяным змагаром за прыгажосць наваколля і стараўся вучыць гэтаму сяльчан сваім жыццём. А прыгажосць пачынаецца з хаты не толькі ў пераносным, але і прамым сэнсе: ён хацеў, каб у хаце было светла, прыгожа. Таму з дапамогаю дзеда пабудаваў вялікую хату, “пяцісценку”, з вялікай кухняю. На кухню былі два ўваходы – са двара да печы і з супрацьлеглага боку – на кухню-сталовую і ў залу.
Дарога на бацькаўшчыну: вакол – узгоркі, нізінкі, глыбокія ручаіны: міні-Швейцарыя.
Вёска Рагазіна
На гэтым месцы стаяла наша хата да 1952 года…
“Новы сусед”
Вёска Рагазіна: наша хата стаяла на адным баку, тут быў сад-агарод, а праз вуліцу насупраць – “соткі”: там сеялі жыта, грэчку, авёс і частку бульбы.
З-за вялікай хаты ў нашу сям’ю прыйшло вялікае гора…
Калі савецкая ўлада распачала ўсеагульную барацьбу за адукацыю насельніцтва, спатрэбілася памяшканне для заняткаў і бібліятэкі (хаты-чытальні). Школу і бібліятэку адкрылі ў бацькавай хаце як самай вялікай, негледзячы на тое, што ў сям’і былі малыя дзеці.
Хата стала “прахадным дваром”: амаль не зачынялася, хутка выстужвалася зімой, а дзетак не было куды дзець. Але нікога гэта не турбавала: людзі ішлі ў ЧУЖУЮ ХАТУ за ведамі, за навукаю, за “путёвкою в жизнь”. Для іх “ученье – свет”, для нашай сям’і – бяда-гора: дзеці прастужваліся, лекаў не было, памерлі трое дзяцей, дзве дзяўчынкі і хлопчык.
Пасля смерці трэцяга дзіцяці з нашай хаты забралі школу і хату-чытальню. А гора засталося назаўсёды…
У 1941 годзе бацьку на фронт не прызвалі па старасці, -- яму было болей 50 гадоў, -- але немцам ён спатрэбіўся для загатоўкі торфу.
Нашы беды з-за хаты працягваліся: немцы ператварылі яе ў пост і нешта падобнае на мясцовую турму. А нас з хаты выгналі.
УСЁ ГЭТА ўлічылі вызваліцелі, якія калісці вучыліся грамаце ў нашай хаце – абвінавацілі бацьку ў “пособничестве оккупантам”. Праўда, не пасадзілі – выслалі на загатоўку торфа і лесу ў суседні раён: мабыць, усё ж чамусці навучыліся ці, можа, помнілі вучобу ў яго хаце і зло-гора, якое міжволі прынеслі ў сям’ю – “спачувальнымі” аказаліся.
Вось праз якія пакуты ад людзей прайшоў мой бацька, хаця ўсё жыццё рабіў людзям дабро –
прайшоў шлях у адпаведнасці з біблейскім запаветам.
Мой любы бацька,
дзякуй Табе, што навучыў любіць прыроду і людзей. І прабач, што не заўсёды Цябе слухалася.
Маці была прыгажуняй, сціплай, разумнай жанчынай.
Вучылася ў школе ўсяго “дзве зімы” – навучылася чытаць і рашаць задачы па арыфметыцы. А калі я вучылася, мне дапамагала рашаць задачы нават у пятым класе.
Была працавітаю, прагнай да ведаў і смекалістаю: некалькі разоў схадзіла да партніхі на вучобу, а потым сама шыла не толькі на сваю сям’ю, але і сельчанам, якія звярталіся, бо ведалі, што пашые добра і хораша: у яе быў добры густ.
Дзякуй мама,
што навучыла шчырасці, адкрытасці, ставіцца да ўсіх і ўсяго з паразуменнем (я не заўсёды слухалася), што навучыла любіць, бо сама любіла…
Цікава было прыехаць на бацькаўшчыну – дзе кожная сцяжынка, кожнае дрэўца знаёмыя (адны выраслі, ад іншых толькі сляды засталіся).
Прыемна ўспомніць дзяцінства тут, у Рагазіне, у дзіўнай вёсачцы, якая не толькі не згінула, але і амаль у добрым стане. Ад гэтай рэчаіснасці радасна.
Калісці Рагазіна было вясною ў квіценні садоў – як Японія ў квіценні сакуры.
А вакол – узгоркі, нізінкі, глыбокія ручаіны: не горш, чым у Швейцарыі.
Квітней, Рагазіна!
Дзякуй табе, што я там нарадзілася. І прабач, што не зрабіла для цябе нічога добрага.
Вёска Рагазіна. У верасні 1942 года ў нашай хаце быў нямецкі пост і турма.
Яшчэ адзін пост – у хаце ў канцы сяла. Ноччу з хаты выйшаў паставы немец па натуральнай патрэбнасці. Партызаны сачылі за гэтай хатаю -- забілі салдата.
Раніцай, як развіднела, пасыльны немец павёз забітага салдата ў Оршу, а камандзір групы загадаў астатнім салдатам сабраць сялян на выгане і растраляць.
Бацькі дома няма: немцы забралі яго на торфараспрацоўкі.
Мама ўзяла нас за рукі і мы пайшлі, куды загадалі немцы – за вёску, на выган.
Сюды немцы выгналі ўсіх сяльчан, старых і малых, для растрэлу.
Мне так не хацелася паміраць… Мама абняла дзяцей…
Немцы паставілі кулямёт, а самі пра штосьці размаўлялі. Наш селянін памахаў рукою немцам, -- мабыць, каб не стралялі ў яго, -- і падыйшоў, стаў тлумачыць, што мы ні ў чым не вінаватыя: не мы забілі салдата, а партызаны. Немец закрычаў на яго і загадаў вярнуцца на месца.
Мама гладзіла мяне па галаве, я была ў хустцы, супакойвала…
Нечакана немцы, іх было трое ці чацвёра, загаманілі, замітусілі і сталі паглядаць у канец сяла. Потым пачуўся гул машыны – яна выехала на дарогу, дзе немцы прыгатовіліся нас растраляць.
З машыны выйшаў афіцэр, так пасля называлі гэтага немца, штосці сказаў салдатам – яны забралі кулямёт і пайшлі ў хату, дзе жылі. У нашу хату.
Машына развярнулася – немцы з Оршы паехалі назад, а мы стаялі, як нежывыя – не маглі ні зварухнуцца з месца, ні вымавіць слова…
Праз 50 гадоў я прачытала ў газеце: у Аршанскім раёне жыла этнічная немка, і калі немцы пачалі растрэльваць у вёсках сялян за забойства салдат, яна растлумачыла каменданту раёна, што не людзі забіваюць салдат, а партызаны -- каб справакаваць немцаў на карныя аперацыі супраць невіноўных людзей.
Вось камендант раёна і выслаў машыну, каб выратаваць нас, прыгавораных партызанамі да растрэлу.
Камандзір атрада і той партызан, які забіў нямецкага салдата, атрымалі ўзнагароды за гераізм.
Калі б немцы растралялі 80 чалавек, дарослых і дзяцей з вёскі Рагазіна, яны запісалі б іх у ахвяры акупантаў.
Так, рукамі немцаў, Сталін распраўляўся з насельніцтвам, якое, на яго погляд, не толькі не супраціўлялася акупантам, а і аказвала ім дапамогу – карміла.
Якім чынам старыя, жанчыны і дзеці маглі супраціўляцца ўзброеным салдатам?
Як насельніцва магло не аддаць прадукты немцам? Быў адзін спосаб – спаліць іх. І памерці з голаду разам з дзяцьмі. Яны не маглі самі так паступіць. Таму партызаны падпальвалі скірды і гумны са збожжам, “чтобы не досталось врагу”, а немцы растрэльвалі сялян як злачынцаў і палілі іх хаты -- каб дамашнія прадукты не дасталіся партызанам, каб не было ім прытулку ў вёсцы...
Вось на якім драматычна-трагічным матыве я раставалася са сваёй бацькаўшчынай -- вёскай Рагазіна.
“Мой родны кут, як ты мне мілы…”
Последние комментарии
4 недели 6 дней назад
4 недели 6 дней назад
43 недели 13 часов назад
49 недель 1 день назад
50 недель 9 часов назад
1 год 3 недели назад
1 год 3 недели назад
1 год 4 недели назад
1 год 6 недель назад
1 год 6 недель назад